Гермацкая Наталля Уладзіміраўна
Цэнтр навукова-тэхнічнай інфармацыі ДА “Беларуская чыгунка”
Музей гісторыі Беларускай чыгункі
горад Мінск, Рэспубліка Беларусь
ДА ПРАБЛЕМЫ АТРЫБУЦЫІ ПРАДМЕТАЎ МУЗЕЯ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ (НА ПРЫКЛАДЗЕ АРХІВА Л.В. ВАРАНОВІЧА 1930-Х ГАДОЎ)
Музей гісторыі Беларускай чыгункі быў адчынены ў 1971 годзе на грамадскіх пачатках, а ў 1987 годзе створаны ведамасны Музей гісторыі Беларускай чыгункі. На дадзены момант музей уваходзіць ў структуру Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі ДА “Беларуская чыгунка”.
Фонды Музея гісторыі Беларускай чыгункі налічваюць каля 9 000 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, якія фарміруюць 22 музейныя калекцыі: “Апараты, прылады і прыстасаванні”, “Форменнае аддзенне”, “Сфрагістыка”, “Фалерыстыка”, “Дакументы”, “Фотадакументы”, “Друкаваныя выданні” і інш. Музейная дзейнасць установы вядзецца на падставе прынятых ад 31.01.2019 г. дакументаў: “Статута аб музейнай дзейнасці на Беларускай чыгунцы”, “Інструкцыі аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захавання музейных прадметаў і музейных калекцый, навукова-дапаможных матэрыялаў, якія знаходзяцца ў фондах музеяў Беларускай чыгункі”.
Асноўнай крыніцай папаўнення фондаў музея з’яўляюцца перадача прадметаў у дар і закупка ў антыкварных крамах.
Адным з важных этапаў работы з музейным прадметам у музеі з’яўляецца яго атрыбуцыя (апісанне). Атрыбуцыя не можа закранаць толькі фармальны бок апісання, гэта больш глыбокае даследванне і ў большасці выпадкаў – доўгі і скрупулёзны працэс.
Сярод найбольш цікавыхі складаных прыкладаў атрыбуцыі музейных прадметаў у Музеі гісторыі Беларускай чыгункі, на наш погляд, з’яўляецца работа з архівам Людвіка Варановіча 1930-х гадоў, які ўключае фотаздымкі і дакументы. У 2017 годзе вышэйназваныя прадметы здатчыкі прынеслі ў музей з просьбай аб дапамозе ў ідэнтыфікацыі асобы і месца, зафіксаваных на фотаздымках.
Навуковая работа з фотаздымкамі і дакументамі па іх атрыбуцыі пачыналася з цяжкасцю. Музейныя прадметы не мелі правенанса (фр. provenance – паходжанне). Інфармацыя размяшчалася на фотаздымках у якасці подпісаў “Открытие узкоколейной ж.д. 807 км МББ ж.д. Замостье. 16.02.1930 г.», на фотаздымках і дакументах мелася таксама прозвішча Варановіча Л.В. [Дадатак 1, мал. 1.1, 1.2].

Сярод архіўных і музейных дадзеных Беларускай чыгункі не знайшлося інфармацыі пра Варановіча і пра вузкакалейную ветку “Замосце”. Супрацоўнікаў музея блытала даволі распаўсюджаная назва паселішча Замосце, а таксама той факт, што на тэрыторыі Беларусі вузкакалейныя чыгуначныя веткі з’яўляюцца распаўсюджанай з’явай.
Вузкакалейная чыгунка – чыгунка з шырынёй каляі менш стандартнай. Усе вузкакалейкі Беларусі маюць шырыню каля 750 мм. Стандартная шырыня каляі ў Беларусі, як і на ўсёй постсавецкай прасторы – 1520 мм, еўрапейская – 1435 мм. Першую вузкакалейку ў Расійскай імперыі пабудаваў інжынер Баляслаў Ялавецкі. У 1892 г. ён стаў распарадчыкам таварыства для будаўніцтва і эксплуатацыі прыватных вузкакалейных чыгунак. Сваю дзейнасць Ялавецкі пачаў з будаўніцтва чыгункі ад Свянцян да Беразвечча (зараз у складзе горада Глыбокае Віцебскай вобласці) [6].
Вузкакалейныя чыгункі – з’ява непастаянная. Яны маглі хутка будавацца для патрэб краіны (часта будаваліся для мэтаў нарыхтоўчых прадпрыемстваў) і таксама хутка знікаць з картаў. Прычына непастаянства заключаецца ў тым, што арганізацыя і эксплуатацыя вузкай каляі ў
параўнанні са звычайнай дастаткова простыя, а матэрыялы для пабудовы ў большасці недаўгавечныя.
Так сталася, напрыклад, з лесавознымі вузкакалейкамі. У 1930-х гадах яны актыўна будаваліся на тэрыторыі лясгасаў – у гэты час лясныя грузы былі асноўнымі ў структуры чыгуначных перавозак. З 1930 года Дзяржаўнаму аб’яднанню лясной і дрэвааапрацоўчай прамысловасці “Лясбел” належыла ўся лясная гаспадарка краіны, на ўтрыманні аб’яднання былі і вузкакалейныя чыгункі [1]. Аднак паступова вываз леса па вузкай каляі выцесніў спосаб аўтамабільнай транспартыроўкі, і патрэба ў вузкакалейных чыгунках у гэтым накірунку знікла.
Знікла з карты Беларусі вузкакалейная лесавозная чыгунка, якая ўваходзіла ў склад Нёманскага леспрамгасу Уздзенскага раёна. Інфармацыю пра яе на цяперашні момант можна знайсці толькі ў архівах і музеях. І сёння мы можам сказаць з упэўненасцю, што на фотаздымках з архіва Л. Варановіча, якія захоўваюцца ў фондах Музея гісторыі Беларускай чыгункі, адлюстравана менавіта адкрыццё Неманскай вузкакалейнай чыгункі.



У тэкстах да фотаздымкаў фігуруе подпіс“807 км МББ ж.д.” МББ ж.д. – Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка, яна з’явілася на картах у 1922 годзе і складалася з дзвюх ліній – Маскоўска-Балтыйскай і Аляксандраўскай (былой Маскоўска-Брэсцкай) чыгунак. 807 кіламетр чыгункі знаходзіўся недзе ў межах сучаснай чыгуначнай станцыі Мезінаўка. На картах 1930-х гадоў прыблізна каля сучаснай Мезінаўкі бачнае адгалінаванне ад асноўнай каляі ў паўднёвым напрамку. Чыгунка пачынаецца ад “лесного склада Комыла” (пагрузпункт са складам, куды дастаўлялі лес па Нёманскай вузкакалейцы), праходзіць праз вёску Скарадное і заканчваецца на паўночным баку вёскі Замосце.
Цікавы той факт, што інфармацыя пра будаўніцтва і адкрыццё гэтай вузкакалейкі чамусьці не афішыравалася прэсай у пачатку 1930-х гадоў. Магчыма, прычына была ў тым, што недалёка праходзіла савецка-польская мяжа.
Дакументы 1931-1934-х гадоў па вузкакалейцы, якая належала Нёманскаму леспрамгасу Уздзенскага раёна, знайшліся ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці (ДАМн). Гэта справаводныя дакументы Нёманскага леспрамгасу Уздзенскага раёна, да якога належала вузкакалейная ветка, у большасці – пратаколы партсходаў ячэйкі КПбБ [2-5].
Пра тое, што Варановіч меў дачыненне да будаўніцтва Нёманскай вузкакалейкі кажуць фотаздымкі, дзе ён адлюстраваны [Дадатак 1, мал. 1.4]. З 1931 г. (менавіта з гэтага года пачынаюцца пратаколы партсходаў ячэйкі КПбБ – архіўныя дакументы ДАМн) ён сустракаецца на пасадзе загадчыка дэпо Неманскай вузкакалейкі.
Як выглядала вузкакалейка ў гэты час? Звернемся да фактаў. За пачатак 1931 г. ёсць сведчанні аб тым, што побыт рабочых чыгункі яшчэ не ўладкаваны: яны недастаткова забяспечаны кватэрамі, харчаваннем, пасцельнымі рэчамі, персанал сталовай вузкакалейкі не мае кватэр і пражывае ў памяшканні кухні. У канцы 1931 года ў дэпо вузкакалейкі адбыўся пажар і драўляны будынак згарэў, у сувязі з чым былі прынятыя супрацьпажарныя меры, ставілася пытанне аб пабудове драўлянага барака для ўтрымання паравозаў, майстэрняў для рамонту паравозаў і рухомага састава (“рухавога складу”). Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы работнікам вузкакалейкі трэба было “прыняць усе захады да поўнага выкарыстовываньня рухавога складу, забезпечыў своечасовасьць прац па пагрузцы і разгрузцы цягнікоў з абавязковай перавозкай ня менш 300 куб. метраў у дзень” [3. ДАМн. – Фонд 1575-П. – Воп. 1. – Спр. 3. – Л. 7].
Архіўныя дакументы леспрамгаса дазваляюць убачыць вытокі і характар узаемаадносін у так званым савецкім «трохкутніку», у які ўваходзілі партком, заўком, адміністрацыя прадпрыемства (дырэктар). Адыгрываючую ролю ў “тохкутніку” леспрамгаса выконвала камуністычная ячэйка. Партсходы кіравалі “трохкутнікам” і вырашалі тэхнічныя пытанні, павелічэнне зарплаты работнікам, звальненне або перавод на іншае месца працы [9].
З красавіка 1931 года ў пратаколах партсходаў зафіксаваныя заўвагі ў адрас работнікаў дэпо вузкакалейкі: «Плохая работа всего состава депо… Настрой этому содействует (задает) т. Воронович” [3. ДАМн. – Фонд 1575-П. – Воп. 1. – Спр. 5. – Л. 36].
Восенню 1934 г. сход Прэзідыуму Уздзенскага РКК-РСІ пастанавіў наступнае: “…лічыць неабходным перавесці Варановіча па лініі Трэста-Лесбел у другое мейсца работ з Уздзенскага раёна” [3. ДАМн. – Фонд 1575-П. – Воп. 1. – Спр. 1. – Л. 244]. З працы былі зняты таксама намеснік дырэктара Неманскай чыгуначнай веткі Вашыхіс, машыніст Верыга. Прычынай гэтаму допіс ў газеце “Рабочы” 1934 г., які кампраментаваў супрацоўнікаў дэпо і ў тым ліку Варановіча. Члены Прэзідыума РКК-РСІ таксама негатыўна выказаліся пра работу “трохкутніка” леспрамгаса, які “…к высвятленню заметкі аднесся па бюрократычнаму габінетна, не прыцягнуў рабочых к гэтай справе, не высветліу сапрауднае становішча указаных фактау у заметцы” [3. ДАМн. – Фонд 1575-П. – Воп. 1. – Спр. 1. – Л. 244].
Застаецца толькі здагадвацца наколькі такое выкрыццё адпавядала рэчаіснасці, бо Варановіч не з’яўляўся членам партыйнай ячэйкі, яго прозвішча сустракаецца ў распараджэннях па рабоце вузкакалейнай веткі і ў паступовых абвінавачваннях з боку калег. Пратаколы, у якіх фігуруе прозвішча Варановіча, утрымліваюць толькі абвінавачванні ў яго бок, словаў абвінавачванага мы не ўбачым.
У пачатку 1935 года Людвік Варановіч ужо значыцца на службе ў Дулебскім лесакамбінаце загадчыкам Дулебскай чыгуначнай веткі. Пра гэта сведчыць службовае пасведчанне ад 19.01.1935 г., што захоўваюць сваякі Варановіча [Дадатак 1, мал. 1.5].
Дулебская вузкакалейная чыгунка бачная на карце РСЧА 1941 г. Яна пачынаецца ад чыгуначнага раз’езда Мілае (зараз – станцыя Мілае), цягнецца на поўнач у бок вёскі Ягадка і заканчваецца паміж вёскамі Дулебы і Рубеж [Дадатак 1, мал. 1.6]. На сённяшні дзень гэта тэрыторыя заказніка “Астравы Дулебы”.
У ДАМн захоўваюцца пратаколы агульнага схода пярвічнай партыйнай арганізацыі Ягадскага, а пазней – Дулебскага механізаваных лесапунктаў Бярэзінскага раёна за 1936-1937 гады [5].
У дакументах 1936 года значыцца дэпо вузкакалейкі, упамінаецца паравоз ад Мілага на Ягадку, сустракаюцца прозвішчы работнікаў вузкакалейнай веткі. Упамінаецца сярод пратаколаў партыйнай арганізацыі таксама Іван Верыга, які разам з Варановічам быў звольнены ў 1934 годзе з Нёманскай вузкакалейкі. Прозвішча Варановіча ўзгадваецца ў 1937 годзе ў дакументах партячэйкі Дулебскага механізаванага лесапункта ў дачыненні да справы машыніста Івана Верыгі, якога характарызуюць як “сына кулака”. Бацька машыніста меў паравы млын у Уздзенскім раёне, за што быў раскулачаны і напраўлены ў “кулацкую ссылку”. Пільныя члены партячэйкі не маглі ўпусціць дадзены факт і асабліва пільна адсочвалі дзейнасць “чыгуначнай веткі и дэпо, на якіх маюцца приезжія от погранполосы”. Пасля ўпамінання ў архіўных дакументах 1937 года сляды Людвіка Варановіча губляюцца.
Асоба Варановіча Людвіка Віктаравіча 1893 года нараджэння – ўраджэнца мястэчка Дзісна на Віленшчыне – фігуруе ў спісах рэпрэсаваных базы звестак “Белорусский “Мемориал”. 16 сакавіка 1938 г. Варановіча абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі (артыкул 72а КК БССР) і прысудзілі 8 гадоў папраўча-працоўнага лагеру. Вядома, што да прысуду ён працаваў майстрам утыльцэха вагона-рамонтнага завода Мінска.
Магчыма, Людвік Варановіч з музейных фотаздымкаў і ёсць “Воронович Людвиг Викторович”, які быў пазбаўлены пасады загадчыка Дулебскай чыгункі, разжалаваны ў простыя рабочыя, а пазней асуджаны як “вораг народа”. На жаль, ні музейныя прадметы з архіву Варановіча, ні архіўныя дакументы пакуль не даюць адказу на гэтае пытанне.
На прыкладзе сямейнага архіва бачна, что музейныя прадметы (фотоаздымкі, дакументы Варановіча) не страчваюць сваю сувязь з тым, каму яны некалі служылі ў мінулым. Акрамя таго яны трансфармуюцца ў
шматмерную крыніцу інфармацыі пра эпоху, да якой належалі. Праз жыццёвую гісторыю асобнага чалавека, Людвіка Варановіча, адчуваецца няпростае жыццё Беларусі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І мы спадзяемся, што музейныя прадметы яшчэ адкрыюць свае сакрэты пра лёс Л. Варановіча і тых вузкакалейных ветак, з якімі нейкі час быў звязаны наш герой.
Старшы захавальнік фондаў музея – Наталля Гермацкая.
Арфаграфія вытрымак з архіўных дакументаў захаваная.